Цэнтр новых ідэй апублікаваў рэйтынг найлепшых беларускіх гарадоў для жыцця. Першая пазіцыя — у Мінска, далей размясціліся Гродна і Брэст. Аўтары рэйтынгу ўлічвалі дэмаграфічную сітуацыю (але бралі звесткі за 2019 год праз адсутнасць больш свежай інфармацыі), стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычную сітуацыю ў населеных пунктах. Паглядзелі, якія гарады аказаліся лідарамі, а якія — аўтсайдарамі.
Як складалі рэйтынг і якія пытанні да яго ёсць
Цэнтр новых ідэй і раней складаў рэйтынг «найлепшых гарадоў Беларусі». Аднак гэтым разам аўтары топа адкарэктавалі крытэры (да прыкладу, прыбралі такі паказчык, як турыстычная прывабнасць) і сфармавалі рэйтынг «гарадоў, у якія лепш пераехаць, калі не хочаш эміграваць». Аўтары тлумачаць гэтае рашэнне рэпрэсіямі, эканамічным спадам і вайной ва Украіне, што ўплывае на жыццё беларусаў. «Рэалізуецца сумны сцэнар: замест таго каб станавіцца драйверамі развіцця, беларускія гарады ўсё больш ператвараюцца ў донараў для населеных пунктаў у суседніх краінах», — кажуць аналітыкі.
Аўтары рэйтынгу ўдакладняюць, што цяпер падчас выстаўлення выніковага бала гарадам ацэнкі стану эканомікі і якасці жыцця мелі большую вагу (на кожны прыпадала па 30%), чым стану дэмаграфічнай і грамадска-палітычнай сітуацыі ў населеных пунктах (па 20%). У папярэдніх рэйтынгах кожны з такіх крытэраў меў аднолькавую вагу падчас выстаўлення агульнай адзнакі.
Да гэтага рэйтынгу ёсць нямала пытанняў, у першую чаргу — да метадалогіі. Напрыклад, яго аўтары выкарыстоўваюць дэмаграфічную ўстойлівасць як адзін з асноўных крытэраў аналізу, пры гэтым узялі звесткі за 2019 год. Актуальнейшая інфармацыя па колькасці насельніцтва і смяротнасці ў краіне па-ранейшаму засакрэчаная. Складальнікі рэйтынгу самі звяртаюць на гэта ўвагу.
«Падчас вывучэння рэйтынгу трэба ўлічваць абмежаванні метадалогіі. Выклікам стаў збор звестак — многія з іх цяпер не публікуюцца (як, напрыклад, звесткі пра натуральны прырост насельніцтва, каб схаваць, імаверна, узровень смяротнасці ад кавіду), а для большасці паказчыкаў самыя свежыя статыстычныя звесткі даступныя за 2021. Вымярэнне „турыстычная прывабнасць“ знікла з рэйтынгу з улікам прыкметнага зніжэння ўзроўню ўязнога турызму (разам са знікненнем многіх спадарожных сэрвісаў і паслуг)», — удакладняюць аўтары рэйтынгу.
Што да раённых гарадоў, то некаторыя звесткі сабраныя па ўсім раёне, а не па канкрэтным горадзе, што ў пэўнай ступені скажае іх.
Аднак у сітуацыі, калі чыноўнікі засакрэцілі шмат якую статыстыку, а паўнавартасныя даследаванні на тэму ўзроўню жыцця ў беларускіх гарадах адсутнічаюць, мы публікуем гэты рэйтынг для разумення сітуацыі.
Якія гарады трапілі ў топ-3 найлепшых для жыцця, а якія — у аўтсайдары
Першы радок рэйтынгу застаўся за Мінскам. Другое месца — за Гроднам, а трэцяе — за Брэстам. Да прыкладу, у снежні 2021 года тройка лідараў выглядала дакладна гэтак жа, як і цяпер.
«У гэтых гарадоў добрыя дэмаграфічныя паказчыкі, яны сярод лідараў па колькасці дактароў і абітурыентаў. У гэтых гарадах добры ўзровень заробкаў і нізкае беспрацоўе, — адзначаюць аўтары рэйтынгу. — Хоць турыстычная прывабнасць і была выключаная з рэйтынгу, тым не менш Гродна і Брэст дзякуючы блізкасці да мяжы і бязвізу могуць разлічваць на пэўную колькасць турыстаў-„чаўнакоў“, якія прыязджаюць з-за мяжы для кароткага адпачынку і па танныя тавары».
Дарэчы, што да аналізу эканамічных паказчыкаў гарадоў, то тут улічвалі сярэдні заробак, узровень зарэгістраванага беспрацоўя (ёсць нямала пытанняў да таго, наколькі аб’ектыўна гэтыя звесткі адлюстроўваюць рэальную сітуацыю на рынку працы), долю ўласных даходаў у мясцовым бюджэце, а таксама сярэдні паказчык па інвестыцыях у асноўны капітал на тысячу жыхароў за апошнія пяць гадоў.
Чацвёртае месца засталося за самым «багатым» райцэнтрам — Салігорскам.
У лідарах рэйтынгу таксама аказаліся гарады-спадарожнікі Мінска — Дзяржынск і Смалявічы (5 і 7 месцы адпаведна). «Гэтыя раённыя цэнтры прыцягваюць вялікія інвестыцыі ў мясцовую эканоміку, а па ўзроўні заробкаў абганяюць усе абласныя цэнтры. Усё гэта прыцягвае маладое насельніцтва, хоць па якасці жыцця гэтым гарадам далёка да лідараў», — тлумачаць аўтары рэйтынгу.
Сярод абласных цэнтраў, якія адстаюць, у рэйтынг традыцыйна трапілі Гомель, Віцебск і Магілёў.
«У гэтых гарадах адносна нізкі прырост насельніцтва, існуюць праблемы з заробкамі і выкананнем бюджэтаў. Узровень інвестыцый на аднаго чалавека часцяком не перавышае паказчыкаў невялікіх раённых цэнтраў. І хоць эканамічна гэтыя гарады не самыя прывабныя, адносна астатняй Беларусі яны захоўваюць высокі ўзровень жыцця дзякуючы вялікай колькасці дактароў, студэнтаў і ўмеранай злачыннасці», — удакладняюць складальнікі рэйтынгу.
Апошняе месца топа заняў Рагачоў. На другім месцы з канца размясціўся Крычаў, а на трэцім — Бабруйск.
Што да ўзроўню жыцця, то аўтары рэйтынгу ўлічвалі і колькасць злачынстваў, колькасць дактароў, а таксама студэнтаў.
Аўтары рэйтынгу: пратэсныя гарады «нармалізаваныя»
Грамадска-палітычную сітуацыю ў гарадах аўтары рэйтынгу вывучалі па трох крытэрах: узровень рэпрэсій (звестка бралі ў праекта politzek.me за кастрычнік мінулага года), даступнасць інфармацыі ад дзяржорганаў (аналізаваліся сайты гар- і райвыканкамаў), а таксама палітычная актыўнасць.
«Каб ацаніць палітычную актыўнасць, мы параўналі звесткі платформы „Голас“ па ўдзеле гараджан у выбарах 2020 года для рэйтынгу мінулага года і па ўдзеле ў кампаніі па рэферэндуме для рэйтынгу 2022-га. Як і чакалася, карціна ашаламляльна адрозніваецца: актыўнасць гараджан знізілася ў дзесяць разоў», — удакладняюць аўтары рэйтынгу.
Аднак трэба рабіць папраўку на тое, што параўноўваюцца розныя па значнасці падзеі, у тым ліку праз гэта могуць істотна адрознівацца звесткі па ўдзеле і актыўнасці.
«Сярод найбольш актыўных гарадоў — па-ранейшаму Мінск і суседнія з ім гарады (Дзяржынск, Смалявічы, Маладзечна, Мар'іна Горка, Жодзіна). Гродна і Брэст, наадварот, выпалі з дзясяткі. Рэпрэсіі і палітычныя прызначэнні ў пратэсных гарадах задушылі не толькі вулічны пратэст, але ў тым ліку і анлайн-актыўнасць», — прыходзяць да высновы аўтары рэйтынгу.