Ацаніць кошт жыцця чалавека ў грашовым выражэнні практычна немагчыма, хоць эканамісты і юрысты часам спрабуюць гэта зрабіць. Беларусы ў большасці, мабыць, сказалі б тое самае пра свабоду. Ужо не толькі ў тэорыі, але і на практыцы некаторыя з нас паказалі, што гатовыя аддаць усё, што маюць, дзеля свабоды — сваёй ці блізкіх. Але беларускі рэжым, падобна, дагэтуль не разумее яе каштоўнасці (хоць не выключана, што якраз разумее) і працягвае кідаць за краты невінаватых людзей. Але, хутчэй за ўсё, прагматыкі ва ўладзе не лічылі, колькі страчвае эканоміка ад таго, што ўсе гэтыя людзі знаходзяцца за кратамі, а не на волі. На просьбу «Люстэрка» такія разлікі зрабіў старшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Дзмітрый Крук.
Рэдакцыя «Люстэрка» разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем’ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі — і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Дапамажыце людзям, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні.
Тут падрабязнасці марафону і важная інфармацыя для чытачоў з Беларусі
Дзеля вашай бяспекі рэдакцыя «Люстэрка» заклікае не данаціць з картак беларускіх банкаў. Калі вы чытаеце гэта знаходзячыся ў Беларусі — вы ўжо робіце вельмі важную справу. Вы пераадольваеце страх і не даяце рэжыму прымусіць вас не глядзець вакол.
Грошы будуць збірацца на адзіны рахунак фонду «21 мая», створанага Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінета па сацыяльных пытаннях. Пасля яны будуць перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям.
Мінімальнае ахвяраванне ўстаноўленае на ўзроўні 5 еўра для таго, каб не даць нядобразычліўцам заблакаваць кампанію па зборы сродкаў вялікай колькасцю маленькіх плацяжоў — яны выклікаюць падазрэнні ў аплатнай сістэмы, і яна спыняе прыём грошай.
Ад 3 да 12 млн даляраў за год на ўтрыманне палітвязняў
— Пераводзячы гэтае пытанне ў эканамічную плоскасць, важна падкрэсліць, што гэта ў пэўнай ступені цынічнае практыкаванне. У першую чаргу трэба глядзець не на эканамічныя страты — гэта перш за ўсё пытанне справядлівасці. Пераводзячы яго ў эканамічнае вымярэнне, мы, вольна ці не, патураем дэвальвацыі значнасці гэтага пытання, — адразу робіць агаворку эканаміст Дзмітрый Крук.
Аднак калі падыходзіць да пытання прагматычна, то такія разлікі зрабіць рэальна. І аказваецца, што страты для нашай эканомікі ад таго, што ў Беларусі людзей масава кідаюць за краты па палітычных матывах, будуць велізарнымі.
Эканаміст падзяліў страты ад знаходжання палітвязняў за кратамі на некалькі узроўняў. Самы зразумелы і наглядны — гэта непасрэдныя страты. Да іх адносяцца выдаткі бюджэту на ўтрыманне людзей у месцах пазбаўлення волі.
— Паводле вельмі кансерватыўных разлікаў гэта дзесьці 200 даляраў на месяц [на кожнага палітвязня], з улікам харчавання, утрымання турмаў, аплату вертухаяў і іншае. Калі браць з разліку 1,5 тысячы палітвязняў, то так званыя непасрэдныя страты складаюць дзесьці 3,6 млн даляраў за год. Калі іх удвая больш, то 7,2 млн, — расказвае эканаміст.
Калі грунтавацца на неафіцыйных звестках, агучаных прадстаўніцай па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольгай Гарбуновай пра тое, што палітвязняў у краіне можа налічвацца 4−5 тысяч, то непасрэдныя страты будуць на ўзроўні 9,6−12 млн даляраў за год.
Тут важна адзначыць, што сістэма Дэпартамента выканання пакаранняў МУС зарабляе на практычна бясплатнай працы зняволеных. Пра тое, ці ідуць гэтыя сродкі ў бюджэт і як менавіта яны потым выдаткоўваюцца, структуры МУС грамадскасці не паведамляюць.
Яшчэ дзясяткі мільёнаў праз іх няўдзел у эканоміцы
Паводле эканаміста, каб правесці разлікі на ўзроўні апасродкаваных стратаў, даводзіцца выкарыстоўваць пэўныя здагадкі і абагульненні. Другі ўзровень стратаў складаецца з некалькіх частак. Гэта ўпушчаныя выгады з улікам таго, як магла б выглядаць сітуацыя, калі б палітвязняў не было, і пра які перыяд ідзе гаворка.
— Я зрабіў ацэнку ў кантэксце аднаго года. Але варта разумець, што многія з гэтых стратаў будуць інерцыйнымі: нават калі заўтра Беларусь становіцца дэмакратычнай і ўсе палітвязні выходзяць, усё роўна многія з гэтых стратаў будуць назапашвацца, — удакладняе Дзмітрый Крук. — У кантэксце ўпушчанай выгады можна вылучыць незгенераваныя даходы і дабаўленую вартасць тых людзей, якія знаходзяцца за кратамі. То-бок ацаніць, колькі б яны прынеслі сабе і эканоміцы, калі б былі на волі і займаліся сваёй справай. Паводле самай кансерватыўнай ацэнкі, адзін палітвязень на волі генераваў бы па 800 даляраў у месяц дабаўленага кошту. Грунтуючыся на колькасці палітвязняў у 1,5 тысячы, атрымліваецца, што за год эканоміка ў гэтай сферы недаатрымлівае 14,4 млн даляраў.
Калі ж палітвязняў 4−5 тысяч, то гэтая ўпушчаная выгада павялічваецца да 38,4−48 млн даляраў за год. Да гэтага можна дадаць суму недаатрыманых падаткаў: 1,9 млн даляраў ад 1,5 тысячы чалавек, якія знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах.
— У рэальнасці гэтая лічба будзе істотна большай, з улікам таго, што там (у месцах пазбаўлення волі. — Заўв. рэд.) па сутнасці знаходзяцца найлепшыя прадстаўнікі нацыі, — кажа эканаміст.
У шырэйшым разуменні можна казаць пра страты ў мільярды даляраў
Дзмітрый Крук назваў яшчэ адзін узровень ускосных і не самых адчувальных стратаў. Па-першае, гэта мультыплікаванне (памнажэнне) стратаў, ужо названых вышэй. Па-другое, уздзеянне рэпрэсій на бізнес-клімат.
— Яшчэ да пачатку вайны, калі пачалася гісторыя з палітвязнямі, мы бачылі, што на Беларусь пачалі глядзець як на ізгоя. Фактычна рэпрэсіі ставяць крыж на інвестыцыйнай актыўнасці, прычым не толькі на замежнай, але і на ўнутранай, — тлумачыць эканаміст. — Бізнес часта кажа, што ў такой атмасферы планаваць інвестыцыйную актыўнасць нават з выключна эканамічных, прагматычных меркаванняў бязглузда.
Па-трэцяе, гэта ўплыў наяўнасці палітвязняў на міграцыю, працягвае эксперт. Многія людзі з’язджаюць дзеля самазахавання — яны не хочуць стаць новымі палітвязнямі. Па-чацвёртае, гэта ўплыў на спажывецкія і ашчаджальныя паводзіны беларусаў.
— Калі ў краіне ідуць палітычныя рэпрэсіі, людзі разумеюць, што не ўсё добра, палітычная сістэма няўстойлівая, значыць, эканамічная — таксама. У гэтай сітуацыі яны менш давяраюць банкам, менш глядзяць у заўтрашні дзень і лічаць, што гэта не вельмі добры час для буйных пакупак, планавання сваёй будучыні, — тлумачыць Дзмітрый Крук.
Усе пералічаныя элементы разам прыводзяць да даволі вялікіх стратаў для эканомікі. Эксперт ацэньвае іх мінімум у 2,1 млрд даляраў. Гэта каля 3% ВУП.
Калі дадаць да іх санкцыі, адной з прычын увядзення якіх стала кіданне беларусаў за краты з палітычных матываў, а таксама датычнасць Беларусі да ваеннай агрэсіі, то, паводле ацэнкі эканаміста, можна казаць пра эканамічныя страты на ўзроўні 10% ВУП за 2022 год. Але яны могуць дасягаць і 20% ВУП. Нагадаем, ВУП нашай краіны — 191,4 млрд рублёў.
— Па факце беларускі ВУП летась упаў на 4,7%. Гэта, з аднаго боку, панесеныя страты, а з іншага — моцны кампенсавальны эфект, перш за ўсё звязаны з Расіяй. Але страты ад вайны і санкцый істотна вышэйшыя, чым леташняе падзенне ВУП, якое адбылося па факце. У грашовым эквіваленце гэта ад 7 да 14 млрд даляраў, — кажа Дзмітрый Крук.
— Ці вялікія гэта страты?
— Калі ўлічваць, што ў выніку гэта прывяло да таго, што краіна хай не наўпрост, але ўцягнутая ў гісторыю з вайной, стаіць на парозе страты суверэнітэту, то гэта драматычная сітуацыя і велізарныя страты. А пачалося ўсё з таго, што людзей сталі саджаць за тое, што яны хацелі памяняць уладу абсалютна законным спосабам. Таму можна смела выкарыстоўваць самы гучны эпітэт што да стратаў — неверагодныя, супермаштабныя…
Калі мы палічым яшчэ і страту часткі суверэнітэту (на маю думку, гэта можна ўбудоўваць у прычынна-выніковую сувязь), то да названых стратаў варта дадаць і гэтую. Але я не вазьмуся гэта ацэньваць, вельмі суб’ектыўнае пытанне. Гэта як спрабаваць ацаніць грашовы эквівалент чалавечага жыцця. Пераважная большасць людзей прытрымліваецца максімы, што жыццё бясцэннае. Тое самае з дзяржавай — мы можам спрабаваць прывесці грашовы эквівалент страты часткі суверэнітэту. Але я не вазьмуся гэта рабіць, грунтуючыся на тым, што ён бясцэнны.