У ліпені мінулага года мы расказвалі пра тое, што расійская кампанія «АБН-тех» набірала ў Мінску працаўнікоў на будоўлю ў Марыупаль. Прайшоў час — і такія аб’явы пачалі часцей з’яўляцца ў тэматычных супольнасцях не толькі Мінска, але і іншых гарадоў нашай краіны. Мы пагаварылі з вахтавіком, які папрацаваў на акупаваных украінскіх тэрыторыях, і з пасярэднікам, які займаецца пошукам супрацоўнікаў.
Абяцаюць бясплатнае харчаванне, давоз і заробак у 3100−5500 беларускіх рублёў
Для пачатку раскажам, куды і на якія ўмовы клічуць беларусаў.
Нам удалося знайсці абвесткі з прапановамі «аднаўляць Марыупаль» у пабліках у VK па пошуку працы ў Гомелі і Жлобіне. А ў сталічных супольнасцях прапануюць працу ў Данецку і Луганску.
«Рэканструкцыя і аздабленне будынкаў: школы, бальніцы і жылыя будынкі», — гаворыцца ў адной з абвестак.
«У горадзе спакойна. Вядуцца паўнавартасныя будаўнічыя працы — будуюць дарогі, дамы, школы, дзіцячыя садкі», — адзначаецца ў адной з абвестак пра працу ў Марыупалі.






Расійскія кампаніі набіраюць страхароў, маляроў, муляроў, тынкоўшчыкаў, мантажнікаў, кіроўцаў бульдозераў, грузчыкаў, а таксама майстроў будаўніча-мантажных работ. У залежнасці ад спецыяльнасці плаціць абяцаюць ад 60 да 172 тысяч расійскіх рублёў (2235−6400 беларускіх).
Акрамя гэтага, практычна ва ўсіх абвестках гаворыцца пра бясплатнае пражыванне і давоз да працоўных месцаў. А ў некаторых — нават пра бясплатнае трохразовае харчаванне.
Пра графік працы паведамляецца толькі ў адной аб’яве, якую мы знайшлі. Гэта шэсць дзён на тыдзень па 11 гадзін.
Пасярэднік: «Калі, вядома, нешта будзе зноў, то назад усе паедзем. Але, здаецца, там усё ціха, усё нармальна»
Пад выглядам зацікаўленага тынкоўшчыка-маляра журналістка «Люстэрка» адгукнулася на адну з такіх вакансій з гомельскага пабліка, дзе рабочых запрашаюць у Марыупаль. Аказалася, людзей набірае кампанія «Спецстрой БП» з Масквы. А па абвестцы на сувязь выходзіць пасярэднік Сяргей. Ён не спытаў ні пра якія дакументы, толькі пацікавіўся досведам і спецыялізацыяй. І нават даслаў відэа з аб’екта. Кажа, іх кампанія возіць беларусаў у Марыупаль вось ужо трэці месяц.
— Аб'ём працы вельмі вялікі, таму зарабіць ёсць дзе. Працоўны дзень стандартны — 8 гадзін. Выезд у нас з Гомеля, — расказвае мужчына. — На колькі дзён едзем? Ну, месяц там — тыдзень дома. Калі вам трэба будзе больш пабыць дома, то без праблем, як-небудзь ужо падстроімся. Таму што цяпер людзей вельмі шмат едзе. Мы часта завозім, учора хлопцаў завезлі і дні праз два-тры зноў павязём, таму што ахвочых вельмі шмат.
— А якія аб’екты?— Жылыя дамы. Там патрэбныя муляры, маляры-тынкоўшчыкі, вось неяк так.
— Плацяць расійскімі рублямі?
— Што да аплаты, то фіксаваны заробак — 90 тысяч расійскімі (3352 беларускія. — Заўв. рэд.). Калі нейкія авансы ў працэсе трэба, то без праблем. А так асноўны разлік ужо перад выездам дадому, за дзень або за два ў расійскіх рублях. Завоз у Марыупаль і назад — за кошт фірмы. Жыллё і харчаванне — трохразовае, таксама за кошт фірмы. То-бок дзевяноста тысяч атрымліваецца на рукі чыстымі.
— Ці афармляецца працоўная дамова?
— Першы месяц па дамове падраду. Потым глядзім, калі спецыяліст талковы, нармальны, то можна праз месяц ужо афармляцца цалкам па працоўнай з поўным сацпакетам, і ўжо будзе роба выдавацца, усё як мае быць.
— У самім Марыупалі як абстаноўка?
— Родныя хвалююцца — гэта зразумела. Ну, там ціха, усё нармальна. Мы ўжо там два месяцы да гэтага працавалі на дэмантажных работах, цяпер перайшлі на аздобныя ў жылых дамах. Не ведаю, усё, здаецца, нармальна. Здарэнняў ніякіх не было, усё добра, працуем як належыць. Калі, вядома, нешта будзе зноў, то назад усе паедзем (смяецца). Там, дзе мы працуем, абсалютна ціха. Мы ж проста там аднаўляем гэтыя разваленыя дамы, каб людзі маглі вярнуцца дадому ўжо жыць. Па сутнасці, там пяціпавярховікаў шмат, на іх цяпер працуюць. Такія ж дамы, як у нас у Беларусі.
Жывём у абсталяваных кватэрах. Асобна сталоўка ў нас. Па два, па тры чалавекі ў пакоі жывуць. Па сувязі там трошкі, вядома, хранавата, але Wi-Fi ёсць. І ў сталоўцы, і там, дзе мы жывём. У асноўным сувязь хлопцы праз тэлеграм падтрымліваюць.
— Ну, а калі схадзіць кудысьці, бяспечна?
— Разумееце, гэта ж расійская тэрыторыя ўжо. Там крамы і ўсе астатнія працуюць. Грошы без праблем можна адправіць, калі трэба перавесці некаму, курс добры. Горад рэальна адбудоўваецца, усё ёсць. Некаторыя нават едуць ужо не на будоўлю, а купляць кватэры! Яны там капейкі каштуюць. Я спачатку таксама страмаўся, але потым прыехалі — усё ціха, вакол вайскоўцы, пасты, нічога не прылятае, горад размініраваны цалкам.
— Як наогул дарога туды выглядае? Бяспечна гэта?
— Праз Растоў, Расію заязджаем. Там ціха, спакойна. Мы ўжо колькі разоў да Новага года ездзілі, адпрацавалі два месяцы і вось цяпер паехалі — усё нармальна. Хлопцы са мной на сувязі, усё добра.
— Ёсць праверкі нейкія асаблівыя на мяжы? Пытаюць што-небудзь пра палітыку?
— Ну што там правяраюць? Толькі пашпарт і ўсё. Заехалі і выехалі. Большасць ездзіць па дамове падраду, паказваюць яе. А потым ужо, калі там падабаецца працаваць, нармальна афармляюцца афіцыйна. Вось у мяне там з лістапада чалавек, напэўна, чалавек шэсць.
— Шмат беларусаў ездзіць на будоўлю?
— У асноўным беларусы і ездзяць. З Гомеля вельмі шмат, са Жлобіна, Рэчыцы, Рагачова. Цяпер там нашых чалавек 30. Шмат, мы нават не паспяваем жыллё абсталяваць. Цяпер паездка таму і затрымліваецца: пытанне з размяшчэннем. Людзей жа таксама трэба добра засяліць, каб было цёпла, утульна і ўсё такое.
Беларусы ўсе нармальныя, працавітыя, едуць туды проста зарабіць. Шмат маладых хлопцаў паехала перад новым годам, па 20−25 гадоў. Першыя два месяцы мы проста расчышчалі там усё, дэмантаж праводзілі, смецце прыбіралі. Там жа не тое што з нуля будаваць дамы: дзесьці сцяну падкласці, падтынкаваць, падфарбаваць.
— Ні ў якую «базу» пасля такой паездкі не трапіш? Вайна ж.
— Не, нічога такога. Там цэлы горад вайскоўцаў, расіяне стаяць там, усё нармальна. Трэці месяц мы ўжо ездзім, і ні ў кога праблем не ўзнікала з беларусаў. Цяпер людзей набралася: мусіць два «спрынтары» паехаць па 17 чалавек у кожным. Я вось тут знаходжуся цяпер, каб адпраўляць людзей. Тыдзень ў вас недзе ёсць, каб вырашыць дакладна.
«Там жа горад пад вайскоўцамі, а 9-й вечара ўжо каменданцкая гадзіна»
Пад выглядам ахвочага паехаць на вахту ў Марыупаль журналістка «Люстэрка» напісала ў VK мінчуку Аляксею. 30-гадовы беларус на мяжы лета і восені прапрацаваў у акупаваным горадзе 20 дзён — займаўся фасадамі.
Мужчына паехаў у Марыупаль праз тульскую кампанію «Прогресс-строй»: яму аформілі дамову, камандзіровачныя лісты, а заробак прыходзіў на картку двойчы на месяц.
— Нас без дакументаў не пусцілі б. Калі перасякаеш мяжу, то ў цябе пытаюць, з якой мэтай едзеш. Трэба паказаць дамову і камандзіровачны ліст. І там усё прапісана: хто ты, куды, на колькі. Калі я выязджаў, то мне напісалі, што сваю працу я выканаў, — расказаў мужчына. — Мы ехалі праз Растоў, праз мяжу ў Новаазоўску. Насамрэч на мяжы расійскай можна прастаяць і суткі, і двое, як трапіш. Асабліва на выезд! Таму нават тэлефоны правяраюць. Хоць ёсць камандзіроўка, усё роўна па кабінетах цягаюць. Напэўна, думаюць, што дыверсант, таму прабіваюць.
Аляксей кажа, што «было стромна ехаць», але ў горадзе ў жніўні ўжо не стралялі, і турбавалі толькі перабоі з вадой і святлом.
— Толькі калі вайскоўцы нешта знаходзяць, дык яны ўзрываюць на месцы. І гэта чуваць. З мясцовымі ніякіх праблем не было там, але мы звычайна са сваімі толькі знаходзіліся і нікуды не хадзілі, — адзначыў Аляксей. — Рознага ў горадзе хапала, там жа ён пад вайскоўцамі, а 9-й вечара ўжо каменданцкая гадзіна. Пры гэтым можна, вядома, схадзіць купіць нешта, ёсць банкаматы, рынак. Праўда, калі бачаць, што не мясцовы, то цэны завышаюць моцна. А кормяць усіх будаўнікоў у спецыяльнай сталоўцы ад вайскоўцаў. Думаю зноў ехаць у Марыупаль вясной. У мяне там засталіся знаёмыя, у якіх усё наладжваецца і ўсё спакойна.
У каментарах пад абвесткамі пра наём на працу беларускія вахтавікі папярэджваюць: на такіх будоўлях могуць «кінуць на грошы» і там зусім не так бяспечна, як абяцаюць кампаніі. Пра гэта кажа і Юрый, прыяцель якога цяпер на працы ў Марыупалі:
— Выходзіць так, што праз трох пасярэднікаў грошы атрымліваць. Гэта насамрэч не найлепшы варыянт. У крамах у мясцовых нічога нельга купляць, таму што могуць атруціць. Харчавацца толькі ў сталоўках. Без дазволу працадаўцы нікуды нельга адтуль выехаць. Яны нібыта наогул не хочуць, каб толькі на месяц-два туды ехалі. Месяцаў на шэсць. Лепш у выніку ў Маскве амаль за тыя ж грошы ў спакоі працаваць, чым там. Пастаянна напружанне ў Марыупалі: што на будоўлі, што ў інтэрнаце.
Мінчук Дзмітрый, які ўжо не раз ездзіў на вахтавыя будоўлі за мяжу, рэкамендуе беларусам наогул не разглядаць варыянты працы на акупаваных тэрыторыях:
— Нармальныя фірмы яшчэ пашукаць трэба. А гэтыя пасярэднікі набіраюць людзей, большую частку грошай забіраюць сабе, засяляюць у самыя дэшманскія ўмовы і ўсё. Ну і не варта нават разглядаць гэтыя вакансіі, не тое што ехаць, — гэта лічыцца зона баявых дзеянняў. І ніхто ніякіх гарантый не дае, упадзе снарад заўтра ці не.
Чытайце таксама


