ГУБАЗіК за апошні месяц адпрацаваў больш за 700 «экстрэмістаў». Пра гэта намеснік начальніка ГУБАЗіК МУС Беларусі Міхаіл Бедункевіч расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1».
Міхаіл Бедункевіч заявіў, што назіраецца «пэўная эскалацыя экстрэмісцкай дзейнасці ў вясновы перыяд».
«Бачым зварот радыкальных ініцыятываў да грамадзян з дапамогай розных мэсэнджараў з просьбай аказаць рознае садзейнічанне, у тым ліку разведвальнага характару. Мы бачым, што на тэрыторыі Беларусі ёсць і таемныя ячэйкі, якія па заданні працуюць як на збор інфармацыі, так і на падрыхтоўку розных акцый тэрарыстычнага характару. Таму праца ўсіх праваахоўных органаў будуецца разам на супрацьдзеянні гэтай з’яве», — расказаў прадстаўнік ГУБАЗіК.
Паводле звестак гэтай структуры, за апошні месяц было «адпрацавана больш за 700 чалавек, якія раней ужо былі ўзятыя на аловак за іх радыкальныя погляды». З іх 230 чалавек прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, 155 з якіх — за «экстрэмізм».