Украінскія вайскоўцы паведамілі, што УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. У Мінабароны РФ заявілі, што пабілі 116 артылерыйскіх падраздзяленняў УСУ на агнявых пазіцыях, жывую сілу і ваенную тэхніку ў 142 раёнах. Ваенная разведка Вялікабрытаніі лічыць, што Расія выкарыстоўвае беспілотнікі для атакі па партах на Дунаі, каб пазбегнуць эскалацыі з NATO. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 527-ы дзень вайны.
Генштаб УСУ: Дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу ворага і тры знішчаныя склады з боепрыпасамі
«Расея нанесла ўдар іранскімі ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed па Украіне. Усе 15 варожых дронаў былі знішчаныя сіламі СПА. Таксама вораг нанёс 1 ракетны і 57 авіяцыйных удараў, здзейсніў 29 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях нашых войскаў і населеных пунктах. Ёсць пацярпелыя сярод цывільнага насельніцтва», — расказалі ў Генштабе УСУ.
Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, за мінулыя суткі адбылося каля 40 баявых сутыкненняў.
- На Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных змен.
- На Северскім і Слабажанскім напрамках вораг нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Ветэрынарнага, Харкава і Вясёлага Харкаўскай вобласці. Ажыццявіў мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы больш чым 40 населеных пунктаў.
- На Купянскім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёне Петрапаўлаўкі і Кіслоўкі. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам праціўніка падвергліся некалькі населеных пунктаў.
- На Ліманскім напрамку артылерыйскім абстрэлам праціўніка падвергліся населеныя пункты Неўскае, Белагораўка Луганскай вобласці і Верхнякаменскае, Спірное, Тарское Данецкай вобласці.
- На Бахмуцкім напрамку УСУ стрымліваюць праціўніка ў кірунку на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Іванаўскага. Ад варожых артылерыйскіх абстрэлаў пацярпелі больш чым 15 населеных пунктаў.
- На Аўдзееўскім напрамку вораг нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Аўдзееўкі. Ажыццявіў беспаспяховыя наступальныя дзеянні на поўнач і паўднёвы ўсход ад Аўдзееўкі і паўднёвы ўсход ад Першамайскага. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся Стэпавае, Ластаўчына, Аўдзееўка, Першамайскае і Невельскае Данецкай вобласці.
- На Мар'інскім напрамку Сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне горада Мар'інка.
- На Шахцёрскім напрамку расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёне Макараўкі і вёскі Раўнаполь. Праціўнік распачаў беспаспяховыя спробы аднавіць страчанае становішча на захад ад Старамаёрскага і на ўсход ад Ураджайнага.
- На Запарожскім напрамку вораг нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёне Успенаўкі і Малой Такмачкі Запарожскай вобласці. Праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на недапушчэнні далейшага прасоўвання УСУ. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся больш чым 20 населеных пунктаў.
- На Херсонскім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Атрадакаменкі. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся больш за 20 населеных пунктаў.
«УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць мерапрыемствы контрбатарэйнай барацьбы», — адзначылі ў Генштабе.
Украінская авіяцыя нанесла дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка і два — па зенітна-ракетных комплексах. Украінскія ракетчыкі і артылерысты пабілі 12 артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях, 1 радыёлакацыйную станцыю, 1 пункт кіравання, 3 раёны канцэнтрацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, 2 сродкі супрацьпаветранай абароны і 3 склады з боепрыпасамі.

Мінабароны РФ: Пабілі 116 артылерыйскіх падраздзяленняў УСУ на агнявых пазіцыях, жывую сілу і ваенную тэхніку ў 142 раёнах
«Цягам сутак Узброеныя сілы Украіны працягвалі спробы наступальных дзеянняў на Данецкім, Паўднёва-Данецкім, Запарожскім, Купянскім і Чырвоналіманскім напрамках», — паведамілі ў Мінабароны Расіі.
— На Данецкім напрамку падчас вядзення актыўнай абароны падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў паспяхова адбілі восем атак праціўніка. Пасля гэтага расійскія войскі контратакавалі праціўніка, што адыходзіў, і ў выніку занялі больш выгадныя пазіцыі. Ударамі аператыўна-тактычнай, армейскай авіяцыі і агнём артылерыі нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы 24-й, 28-й, 110-й механізаваных, 5-й штурмавой і 81-й аэрамабільнай брыгад УСУ.
Агульныя страты праціўніка на гэтым напрамку склалі да 185 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, чатыры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab польскай вытворчасці, а таксама гаўбіца Д-20.
-На Паўднёва-Данецкім напрамку штурмавыя атрады групоўкі войскаў «Усход» працягвалі наступальныя дзеянні ў раёне населенага пункта Старамаёрскае Данецкай вобласці і палепшылі тактычнае становішча. Акрамя таго, нанесенае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы 31-й механізаванай і 35-й брыгад марской пяхоты УСУ. У раёне населенага пункта Прыютнае Запарожскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
За суткі забітыя больш за 120 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, гаўбіца «Мста-Б», а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
— На Запарожскім напрамку актыўнымі дзеяннямі расійскіх падраздзяленняў, ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм паспяхова адбітая атака праціўніка ў раёне населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці. Акрамя таго, нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы 33-й, 47-й, 65-й і 118-й механізаваных брыгад УСУ.
Страты праціўніка склалі звыш 130 вайскоўцаў, тры баявыя машыны пяхоты, у тым ліку амерыканская БМП Bradley, дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі і гаўбіца Д-20.
— На Купянскім напрамку штурмавыя атрады Заходняй групоўкі войскаў працягваюць наступальныя дзеянні на шырокім фронце і занялі больш выгадныя пазіцыі ў раёнах населеных пунктаў Альшана, Петрапаўлаўка і Токараўка Харкаўскай вобласці. Падчас вядзення актыўнай абароны паспяхова адбітыя чатыры атакі падраздзяленняў 14-й механізаванай і 25-й паветрана-дэсантнай брыгад УСУ ў раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці. Акрамя таго, нанесенае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы дзевяці брыгад УСУ.
Забітыя да 45 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, артылерыйская сістэма М777 вытворчасці ЗША, а таксама самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі М109 Paladin вытворчасці ЗША і Krab.
— На Чырвоналіманскім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі армейскай авіяцыі і агнём артылерыі паспяхова адбітыя дзве атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Новавадзяное і Крамянная Луганскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Кармазінаўка, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці, Тарское і Чырвоны Ліман Данецкай вобласці нанесенае комплекснае агнявое паражэнне падраздзяленням 21-й, 43-й, 54-й, 63-й, 67-й механізаваных і 95-й дэсантна-штурмавой брыгад УСУ.
За суткі на гэтым напрамку забітыя да 70 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, артылерыйская сістэма М777, а таксама гаўбіцы Д-20 і Д-30.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння забітыя да 25 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два аўтамабілі і дзве гаўбіцы Д-30.
Удары расійскай арміі па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя пабілі 116 артылерыйскіх падраздзяленняў УСУ на агнявых пазіцыях, жывую сілу і ваенную тэхніку ў 142 раёнах. У раёнах населеных пунктаў Чырвонае Данецкай вобласці і Пясчанае Харкаўскай вобласці знішчаныя склады паліва і боепрыпасаў украінскіх войскаў. У раёнах населеных пунктаў Белагораўка і Белая Гара Данецкай вобласці пабітыя два пункты кіравання ўкраінскімі беспілотнымі лётнымі апаратамі;
- сродкамі супрацьпаветранай абароны перахопленыя 15 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчаныя 28 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.

Ваенная разведка Вялікабрытаніі: Расія выкарыстоўвае беспілотнікі для атакі па партах на Дунаі, каб пазбегнуць эскалацыі з NATO
За апошнія два тыдні Расія нанесла некалькі ўдараў па ўкраінскіх партах на Дунаі з выкарыстаннем іранскіх беспілотных лётных апаратаў. Хутчэй за ўсё, гэта спроба спыніць міжнароднае суднаходства праз гэтыя парты, гаворыцца ў штодзённай зводцы ваеннай разведкі Вялікабрытаніі.
Паводле звестак Мінабароны Вялікабрытаніі, БПЛА наносілі ўдары па цэлях на адлегласці да 200 метраў ад румынскай мяжы, што сведчыць пра тое, што Расія часцей гатовая рызыкаваць, атакуючы аб’екты ў непасрэднай блізкасці ад тэрыторыі NATO.
«Імаверна, што Расея выкарыстоўвае БПЛА для ўдараў па гэтым раёне, мяркуючы, што рызыка эскалацыі ў такім выпадку ніжэйшая, чым у выпадку выкарыстання крылатых ракет. Мяркуючы з усяго, Расія лічыць іх даволі дакладнымі, а боегалоўкі ў іх значна меншыя, чым у крылатых ракет», — дадалі ў разведцы.
Інстытут па вывучэнні вайны: УСУ прасунуліся ў раёне Крамянной і Вуглядара
Ключавыя высновы ISW:
- 3 жніўня расійскія войскі нанеслі серыю ўдараў беспілотнікамі па Кіеве;
- расійскія войскі 3 жніўня вялі наступальныя дзеянні на рубяжы Купянск — Сватава — Крамянная, у раёне Бахмута, на рубяжы Аўдзееўка — Данецк, а таксама ў раёне заходняй мяжы Данецка — усходняй часткі Запарожскай вобласці;
- 3 жніўня ўкраінскія войскі працягвалі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту і, як паведамляецца, прасунуліся ў раёне Крамянной і Вуглядара;
- Крэмль спрабуе стварыць спрыяльныя ўмовы для прыцягнення добраахвотнікаў на службу ва Узброеныя сілы Расіі;
- Справаздача «Абсерваторыі канфліктаў» Ельскага ўніверсітэта пацвярджае ранейшыя ацэнкі ISW пра тое, што расійскія акупацыйныя ўлады выкарыстоўваюць меры прымусовай пашпартызацыі для ўзмацнення сацыяльнага і прававога кантролю над акупаванымі тэрыторыямі Украіны.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні праціўнікаў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.