Вытворца папулярнай маркі дзіцячага харчавання «Ложки в ладошке» — кампанія «ЛВЛ Эволюшн» — канчаткова збанкрутаваў. Адпаведнае рашэнне апублікаванае ў адзіным дзяржрэестры звестак пра банкруцтва. Пакуль прадукцыя гэтай кампаніі прадаецца ў крамах.

Пазычанасць кампаніі перад крэдыторамі складае больш за 82 млн рублёў. З іх больш за 50 млн — гэта доўг па крэдытах «Белаграпрамбанка». Пры гэтым кошт маёмасці фірмы ацэньваецца ў 63,6 млн рублёў.
З кастрычніка мінулага года «ЛВЛ Эволюшн» спрабаваў прыняць меры, каб пазбегнуць банкруцтва. Але беспаспяхова. У выніку з сакавіка гэтага года прадпрыемства перастала выпускаць сваю прадукцыю. У кампаніі працуе 36 чалавек, вынікае з судовых дакументаў.
У лютым 2024-га фірма папярэдзіла крыптабіржу Finstore.by пра блізкае банкруцтва. З дапамогай гэтай платформы вытворца дзіцячага харчавання знайшоў пакупнікоў токенаў.
«ЛВЛ Эволюшн» — беларускі вытворца дзіцячага харчавання. Яго завод быў уведзены ў эксплуатацыю ў лістападзе 2020 года і выпускаў гатовую прадукцыю, у тым ліку пад уласным брэндам «Ложка в ладошке».
У кастрычніку мінулага года Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію прадукцыі ТАА «ЛВЛ Эволюшн». Але ўжо ў пачатку лістапада яны былі знятыя.
Чытайце таксама